Асаблівай пашанай з боку вернікаў карыстаецца цудадзейны абраз Маці Божай Кангрэгацкай з нашай катэдральнай базылікі імя святога Францыска Ксаверыя. Ікона з’яўляецца копіяй італьянскага абраза “Пратэктарка Рымлян” (Salus Populi Romani) з базылікі Santa Maria Maggiore. З гісторыяй гэтай святыні непасрэдна звязана другая назва іконы – Маці Божая Снежная. Папярэдні будынак базылікі IV ст. размяшчаўся на ўзгорку Эсквілін і меў назву Santa Maria de la Neves (ад італ. neve – снег). Згодна паданню, перад закладкай царквы летам 352 г. нечакана выпаў снег і папа Ліберый накрэсліў на снезе круг па перыметру будучага храма.

Абраз невялікіх памераў (17,8 x 22,3 см), намаляваны на меднай пласціне, быў прывезены з Рыма ў 1-ай палове XVII ст. правінцыялам літоўскіх айцоў дамініканаў і падораны Станіславу Альберту Радзівілу – канцлеру ВКЛ – чалавеку глыбокай веры і вялікіг заслуг перад радзімай.

Пасля яго смерці ў 1556г. абраз быў перададзены дамініканцу – айцу Куклінскаму. Апошнім прыватным уладальнікам абраза быў Войцех Жэлязоўскі – гаспадар маёнтка Кульбакі, што каля Гродна. Ён ахвяраваў абраз вучнёўскаму таварыству Унебаўзяцця Найсвяцейшай дзевы Марыі, так званай Студэнцкай Кангрэгацыі пры гродзенскім езуіцкім калегіуме.

Цудадзейнасць абраза падцвердзіў віленскі біскуп Юрый Белазор (Jerzy Białozor) апіраючыся на рашэнне камісіі, якая працавала пры гродзенскім езуіцкім касцёле з 20 ліпеня 1664 г. з мэтай вывучэння і апісання цудаў праз заступніцтва Маці Божай Кангрэгацкай. У склад камісіі ўваходзілі: кс. Казімір Вайшнаровіч – канцлер дыяцэзіі і кс. Станіслаў Катоўскі – настаяцель касцёла cc. Брыгідак. Было засведчана 108 незвычайных ласкаў і цудаў Маці Божай.

3 жніўня 1664 г. абраз быў урачыста перанесены ў драўляны езуіцкі касцел Пятра і Паўла. Ад гэтага часу Маці Божая Снежная стала Апякункай Марыянскай кангрэгацыі ў Гродне, а яе абраз пачалі называць Кангрэгацкім, або Студэнцкім. У выніку шматлікіх цудаў, якія адбываліся пры заступніцтве Багародзіцы, вернікі Гродна і наваколіц пачалі звяртацца да яе, як да сваёй апякункі.

Спецыяльная камісія пры Віленскай капітуле выдала кнігу “Збор цудаў і слынных ласкаў Найсвяцейшай Панны Марыі Студэнцкай з Гродзенскай Кангрэгацыі.”

Жадаючы, каб культ Маці Божай усё больш распаўсюджваўся, віленскі біскуп Аляксандр Катовіч 19 лістапада 1686г. перадаў кангрэгацыі дакумент, у якім дазволіў запісваць у адзіную кнігу цуды “якія плывуць з мора ласкаў Марыі, кб таямніцаў Боскіх праз няўдзячнае маўчанне не хавалі”. Гэтай адметнай падзеяй Касцёл прызнаваў цудоўны характар абраза.

На пачатку XVIII ст. абраз быў перанесены ў Студэнцкую капліцу новазбудаванага касцёла Францыска Ксаверыя. У 1720г. да капліцы студэнцкай Божай Маці з правага боку касцёла была дабудавана невялікая сакрыстыя. Прыблізна ў гэты ж час была пастаўлена драўляная лава, на спінцы якой у 1730г. выканалі 16 розных гарэльефных выяваў на сюжэты цудаў Маці Божай Студэнцкай.

Абраз карыстаўся вялікай пашанай у вернікаў. У капліцы адпраўляліся набажэнствы,  адзначаліся святы і ўрачыстасці. Студэнты Кангрэгацыі бачылі ў Марыі сваю найбліжэйшую апякунку і заступніцу. У малітве яны чэрпалі сілы да жыцця і навукі, прасілі благаслаўлення на далейшую працу ў імя дзяржавы. Святары, якія адведвалі Гродна, лічылі за абавязак адправіць Святую Імшу перад цудадзейным абразам. Да Маці Божай Кангрэгацкай ішлі пілігрымкі. У знак падзякі за атрыманыя цуды і ласкі вернікі ахвяроўвалі воты, якія размяшчаліся каля абраза і служылі адначасова яго аздобай.

У 1773г. скульптарам Тамашам Падгайскім у капліцы быў пастаўлены адзіны ў касцёле мураваны алтар, выкананы ў тэхніцы бежавага стука. У цэнтры алтара быў змешчаны цудадзейны абраз, дзе ён знаходзіцца і цяпер. Цудоўная ікона Маці Божай Студэнцкай зачынялася абразам Найсвяцейшай Панны Марыі Ласкавай, намаляваным Ружай Парчэўскай.

У 1761г. гданьскі злотнік Хрысціян фон Гаўсэн выканаў шыкоўную сярэбраную раму ў стылі ракако. Віленскі ваявода Казімір Ян Сапега падараваў залаты аклад з дзвюма каронамі, якім быў закрыты абраз Маці Божай. Гэта адзначаецца ў рэеестры 1773г.

Пасля першага падзелу РП і скасавання ў 1773г. ордэна езуітаў культ Маці Божай Кангрэгацкай перажывае заняпад.

У канцы XIX ст. абраз перасталі адведваць пілігрымы, набажэнствы не адпраўляліся. Але Марыя заставалася вернай і аберагала людзей і горад у неспакойныя часы выпрабаванняў. Ажыўленне культу распачалося ў 1917г., калі была ўстаноўлена ўрачыстасць у гонар Найсвяцейшай Маці – 3 жніўня, у гадавіну перанясення Яе абразу ў гродзенскі касцёл езуітаў. Гэтае свята сабрала шматлікіх вернікаў і пакінула ў іх сэрцах глыбокае ўражанне. Пазней урачыстасць была перанесена на 5 жніўня – гадавіну кансэкрацыі Рымскай Базылікі Santa Maria Maggiore. Маці Божая Кангрэгацкая была абрана патронкай Гродна. А з 1912 г. касцёльныя ўлады зацвердзілі спецыяльную малітву да Маці Божай Студэнцкай.

Малітва да Маці Божай Кангрэгацкай

Маці Божая Кангрэгацкая!
Пакорна дзякуем Табе за тое, што Ты шчодра адорвала ласкай і дабрадзействам слугаў Сваіх, якія ўсхвалялі Цябе ў гэтым абразе.
Мы, слугі Твае, пакорна просім, каб і цяпер Ты не забывалася пра нас.
Малі за нас Свайго Сына, каб захаваў нас ад граху і давёў да вечнага Збаўлення.
Апякуй наш край і верны Табе люд!
Благаславі сем’ям і захавай іх у любові, супакоі і адзінстве.
О Марыя, ахіні апекай нашу моладзь!
Не дазволь ёй сысці з дарогі праўды, але захавай у веры і цнатлівасці.
О ласкавая, о літасцівая, о салодкая Панна Марыя!
Aмэн.

У 1988г. стараннямі кс. Тадэвуша Кандрусевіча было адноўлена нармальнае рэлігійнае жыццё парафіі і культу Маці Божай Кангрэгацкай.

З 2002-2003 гг. дыяцэзіяльная курыя на чале з біскупамі Аляксандрам Кашкевічам і Антоніем Дзям’янка прыкладала намаганні дзеля каранацыі цудадзейнага абраза. Урэшце чацвёртага сакавіка 2003 г. атрымалі пісьмовую згоду Апостальскай Сталіцы на каранацыю іконы Студэнцкай Багародзіцы.

З 25 чэрвеня да 20 жніўня ў кожную суботу ў парафіях гродзенскіх дэканатаў праводзілася навэнна да Найсвяцейшай Маці аб ласках каранацыі. 31 ліпеня Гродзенскі Ардынарый кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў 17 копій абраза, якія наведалі ўсе парафіі Гродзенскай дыяцэзіі. Гэты акт меў на мэце азнаёміць дыяцэзіян з выявай Мадонны з Гродзенскай Базылікі. А ад 13 да 21 жніўня ў катэдры прайшлі Юбілейныя Місіі, якія праводзілі аа. рэдэмптарысты з Варшавы.

Урачыстасць каранацыі, а разам з ёй і юбілей 300-годдзя кансэкрацыі цяперашняй базылікі катэдральнай у Гродне, адбылася 28 жніўня 2005г. На урачыстасці каранацыі абраза Гродзенская дыяцэзія была аддадзена ў апеку Найсвяцейшай Маці Божай Кангрэгацкай у прысутнасці вернікаў на чале з іерархамі Каталіцкага Касцёла.